ГА́ЗАВАЯ ЗВА́РКА,

аўтагенная зварка, спосаб злучэння металаў мясцовым расплаўленнем іх полымем, якое ўтвараецца пры згаранні сумесі гаручага газу (ацэтылену, вадароду, пароў бензіну і інш.) з кіслародам. Робіцца з дапамогай гарэлкі зварачнай (ручная газавая зварка) ці шматполымных гарэлак вял. магутнасці (машынная газавая зварка). Выкарыстоўваецца для зваркі танкасценных (1—3 мм) вырабаў са сталі, каляровых металаў і сплаваў, чыгуну, наплаўкі слою металу на паверхню вырабаў і інш.

Найб. т-ру (каля 3200 °C) мае ацэтыленава-кіслароднае полымя. Ацэтылен атрымліваюць на месцы работы з карбіду кальцыю ў ацэтыленавых генератарах, кісларод трымаюць у балонах пад ціскам. Віды швоў пры газавай зварцы такія ж, як і пры дугавой зварцы. Ручную газавую зварку выкарыстоўваюць пераважна на рамонтных і мантажных работах, машынную — у стацыянарных умовах для зваркі труб і тонкаліставых канструкцый.

т. 4, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)